ВІ́СМУТ САМАРО́ДНЫ,

мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)